ПО́ЛЬСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР БССР.

Існаваў у 1929—35 з асн. базай у Мінску. Створаны з удзельнікаў тэатр. гуртка польскай моладзі пры клубе імя Р.​Люксембург. З 11.7.1932 называўся Дзярж. польскі тэатр БССР імя 11 ліпеня; меў стацыянарную базу ў будынку Чырвонага касцёла. Маст. кіраўнік Э.​Багінскі, з 1933 Я.​Танальскі. У першыя гады пры т-ры працавалі кароткатэрміновыя драм. курсы. Напачатку ў рэпертуары пераважалі аднаактовыя п’есы, скетчы, канцэртныя праграмы. Сярод пастановак: «Недаростак» Дз.​Фанвізіна (1931), «Армія міру» Ю.​Нікуліна (1932), «Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай (1933), «Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава, «Гібель эскадры» А.​Карнейчука (абедзве 1934), «Карчмарка» К.​Гальдоні, «Сям’я Варанцоў» В.​Кавальскага (абедзве 1935). Сярод акцёраў І.​Багінская, Ю.​Галавач, В.​Окалаў, А.​Ротар, З.​Стома, К.​Стэцкі, К.​Мацкевіч, В.​Татаржыцкая, В.​Тышкевіч, І.​Худніцкі.

М.​А.​Каладзінскі.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)